ЛЕЙКАПАДО́БНЫХ КУ́БКАЎ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр. Паўн. і Цэнтр. Еўропы, сучаснай Польшчы, паўн.-зах. Украіны і (на познім этапе) паўд.-зах. Беларусі. Назва ад наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, знаходзілася на стадыі патрыярхату; вырабляла касцяныя і крамянёвыя прылады (сякеры, матыкі, праколкі, наканечнікі дзідаў, нажы, разцы і інш.), зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд арнаментаваны зігзагамі, касымі насечкамі, пальцавымі ўцісканнямі, адбіткамі зубчастага штампа ці шнура. Паселішчы размяшчаліся на мысах берагоў рэк ці азёр, некаторыя былі ахаваны равамі і валамі. Жытлы — невял. прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя слупавой канструкцыі памерам 5 χ 4 м; будаваліся і вял. жытлы даўж. да 80 м. Унутры іх размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на бескурганных могільніках, сустракаюцца мегалітычныя збудаванні памерамі да 130 х 15 х 3 м, з некалькімі пахаваннямі пад кожным. Ва ўсх. частцы арэала (Валынь, Брэстчына) помнікі Л.к.к. з’явіліся 3,5—2,5 тыс. г. да н.э. На думку некаторых вучоных, плямёны Л.к.к. маюць дачыненне да этнагенезу стараж. германцаў.
У.Ф.Ісаенка.
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)